Не толькі для дзяцей і моладзі

“Век жыві – век вучыся” кажа народная мудрасць. Даказаць яе справядлівасць на справе вырашылі “навучэнцы” некалькіх аб’яднанняў па інтарэсах Стаўбцоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Слова навучэнцы ужываецца з двухкоссем, бо гэтыя людзі ўжо даўно пакінулі школу: хтосьці 10, а хтосьці і 35 гадоў таму. Але ўзрост не можа быць перашкодай для набыцця новых ведаў, для пашырэння кругагляду. Таму што аб’яднанне па інтарэсах – гэта не толькі навучанне, але і магчымасць змяніць асяроддзе, пашырыць кола знаёмых, сустрэцца з аднадумцамі.
Сёння у цэнтры творчасці дзейнічаюць 3 аб’яднанні па інтарэсах для дарослых. Каб патлумачыць сутнаць заняткаў табатай і зумбай, трэба сказаць , што гэта заняткі для тых, хто хоча добра адчуваць сябе і добра выглядаць у любым узросце. Пад энергічную музыку так лёгка і прыемна рухацца ! Рэгулярныя заняткі дапамогуць паменшыць вагу і палепшыць самадчуванне , дазволяць адчуць сябе бадзёрым і актыўным.
Заняткі англійскай мовай дапамогуць вам падчас адпачынку за мяжою вырашыць любую праблему і знайсці выйсце з любой сітуацыі. Таксама гэта цудоўная магчымасць знайсці сяброў па перапісцы, пазнаёміцца ў інтэрнэце.
Хутка пачне сваю работу яшчэ адно аб’яднанне –“Камп’ютэрная граматнасць для дарослых”. Цэнтр творчасці запросіць да сябе тых, хто ў сталым узросце хоча авалодаць камп’ютэрам і пакарыць прастору сусветнай “павуціны”. Заняткі праводзяцца на платнай аснове, але гэта плата з’яўляецца вельмі памяркоўнай .
Такім чынам, цэнтр творчасці шчыра запрашае не толькі дзяцей і моладзь, але ўсіх, хто застаецца маладым душою і імкнецца да новых ведаў і ўражанняў.

намеснік дырэктара цэнтра творчасці Лапкоўская Алена